ТРО́ІЦА-СЕ́РГІЕВА ЛА́ЎРА,

архітэктурны ансамбль 15—19 ст. у г. Сергіеў Пасад (Маскоўская вобл.); адзін з буйнейшых рас. манастыроў. Засн. ў сярэдзіне 14 ст. манахам Сергіем Раданежскім, з 1744 лаўра. Манастыр адыграў важную ролю ў станаўленні незалежнай рус. дзяржавы: удзельнічаў у падрыхтоўцы Кулікоўскай бітвы, у барацьбе з войскамі Лжэдзмітрыя II у 1608—10. У 14—17 ст. тут вяліся летапіс, перапіска, ствараліся кнігі, развіваліся іканапіс, маст. рамёствы. У 15—18 ст. склаўся маляўнічы ансамбль, які ўключае больш за 50 будынкаў работы маскоўскіх, пскоўскіх і яраслаўскіх майстроў. Цэнтр ансамбля — 1-купальны 3-апсідны 4-слуповы Троіцкі сабор (1422—23); у інтэр’еры іканастас пач. 15 ст. на 40 абразоў, большасць з якіх выканана пад кіраўніцтвам і з удзелам А.Рублёва, Даніілам Чорным. У саборы знаходзіцца рака з мошчамі Сергія Раданежскага. Сярод інш. помнікаў: цэрквы Духаўская (1476; над барабанам купала — званіца на слупах), Пятніцкая, Увядзенская (абедзве 1547), 5-купальная надбрамная Іаана Прадцечы (1699), Міхееўская (1734), Смаленская (1745—48, барока); 2-павярховыя шпітальныя палаты з шатровай царквой Засімы і Савація (1635—38), багата дэкарыраваная разьбой трапезная з царквой Сергія (1686—92, т.зв. нарышкінскі стыль), карпусы манастырскіх келляў (17—19 ст.) і інш. Вылучаецца манум. Успенскі сабор (1559—85) — 6-слуповы 5-купальны храм, да якога прылягае шатровая каменная палатка (1780) — пахавальня Барыса Гадунова і яго сям’і. Значнае збудаванне ансамбля — 5-ярусная званіца (1740—70, арх. І.​Шумахер, І.​Мічурын, Дз.​Ухтамскі, барока; выш. 88 м, каля 50 званоў) з гадзіннікам. У 16 ст. ўзведзена крапасная сцяна з 12 вежамі (1540—50, умацавана ў 17 ст.; выш. 10—14 м). У 1918 манастыр закрыты, зноў адкрыты пасля 1944. З 1920 гіст.маст. музей, з 1940 музей-запаведнік. У зборы музея буйныя калекцыі стараж.-рус. жывапісу і дэкар.-прыкладнога мастацтва 14—17 ст., рус. нар. мастацтва 17 — пач. 20 ст. і інш. Сістэматычна праводзяцца рэстаўрацыйныя работы. На тэр. лаўры — Маскоўская духоўная акадэмія і духоўная семінарыя. Ансамбль Т.-С.л. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Балдин В. Архитектурный ансамбль Троице-Сергиевой лавры. М., 1976.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Троіца-Сергіева лаўра.

т. 15, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)